Архаізм
Архаі́зм (грэч. αρχαιος — старадаўні, старажытны) — слова, моўны выраз, граматычная форма, якія выйшлі з актыўнага ўжытку і заменены сінанімічнымі моўнымі адзінкамі[1].
Архаізмы часта выкарыстоўваюцца ў стылістычных мэтах, напрыклад, для надання мове ўрачыстасці ці для перадачы атмасферы даўніны.
Класіфікацыя
[правіць | правіць зыходнік]Адрозніваюць некалькі тыпаў архаізмаў: уласналексічныя, семантычныя, лексіка-фанетычныя, лексіка-словаўтваральныя, лексіка-марфалагічныя, лексіка-акцэнталагічныя.
Уласналексічныя архаізмы
[правіць | правіць зыходнік]Уласналексічныя архаізмы — словы, якія цалкам адрозніваюцца ад сучасных назваў і выцесніліся з мовы словамі іншага кораня: атрамант — чарніла; лемантар — буквар; чало — лоб; тлумач — перакладчык[2]; балонка — аконная шыба, старонка кнігі; скрыжалі — закон; прастакутнік — прамавугольнік[3]; дзясніца — правая рука[1].
Семантычныя архаізмы
[правіць | правіць зыходнік]Семантычныя архаізмы — словы, асобныя значэнні якіх выйшлі з ужытку і сталі ўстарэлымі: жывот у значэнні ‘жыццё’, калена ў значэнні ‘пакаленне’, старац у значэнні ‘жабрак’, бабыль у значэнні ‘беззямельны адзінокі селянін’, дружына ў значэнні ‘прыбліжаныя князя; князева войска’, камора ў значэнні ‘кантрольны пункт у дарэвалюцыйны час’[3].
Лексіка-фанетычныя архаізмы
[правіць | правіць зыходнік]Лексіка-фанетычныя архаізмы — словы, якія адрозніваюцца ад адпаведных ім сучасных слоў адным ці некалькімі гукамі: кроніка — хроніка, гімнасія — гімназія, часопісь — часопіс, філёзофія — філасофія, Эўропа — Еўропа[2], міт — міф, сымболь — сімвал, хэмія — хімія[3].
Лексіка-словаўтваральныя архаізмы
[правіць | правіць зыходнік]Лексіка-словаўтваральныя архаізмы — устарэлыя словы, якія маюць аднолькавы корань з сучаснымі назвамі, але адрозніваюцца суфіксамі ці прыстаўкамі: абставы — абставіны, дзейца — дзеяч, лятун — лётчык, матацыклет — матацыкл, прасвета — асвета[2], лгар — лгун[4], кісліна — кіслата, тэза — тэзіс, злуч — злучок[3].
Лексіка-марфалагічныя архаізмы
[правіць | правіць зыходнік]Лексіка-марфалагічныя архаізмы — словы, якія адрозніваюцца ад слоў сучаснай літаратурнай мовы асобнымі граматычнымі значэннямі і сродкамі іх выражэння: паэта — паэт, кляса — клас, лякаматыва — лакаматыў[3].
Лексіка-акцэнталагічныя архаізмы
[правіць | правіць зыходнік]Лексіка-акцэнталагічныя архаізмы — словы, якія адрозніваюцца ад сучасных адпаведнікаў націскам: рапо́рт — ра́парт[4].
Функцыі архаізмаў
[правіць | правіць зыходнік]У мовах з развітымі прафесійна-сацыяльнымі падсістэмамі (як, напрыклад, у англійскай) архаізмы могуць выконваць функцыю прафесійнага жаргону, што асабліва характэрна для юрыспрудэнцыі.
Ад архаізмаў могуць утварацца шырокаўжывальныя вытворныя словы, напрыклад, ад чало паходзіць слова узначальваць, выраз на чале.
У блізкароднасных мовах можа назірацца з’ява, калі некаторае слова з’яўляецца архаізмам у адной мове, але актыўна ўжываецца ў другой. Напрыклад,
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- 1 2 Архаізмы // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. — Т. 1. — С. 18—19. — 704 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0496-9.
- 1 2 3 Устарэлыя словы // Беларуская мова : энцыклапедыя / пад рэд. А. Я. Міхневіча. — Мн.: БелЭн, 1994. — С. 576. — 654 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-126-9.
- 1 2 3 4 5 Беларуская мова: энцыклапедычны даведнік / пад агул. рэд. Д.В. Дзятко. — Мн.: Беларусь, 2022. — С. 332—333. — 495 с. — ISBN 978-985-01-1558-4.
- 1 2 Архаізм // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — С. 516. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Архаізм // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — С. 516. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).